Skip to main content

Гарадскi вясковец

Август 2, 2010 Автор: Кацярына Iванiна

 

На свеце ёсць дзве бясконцыя рэчы:

Сусвет і чалавечая дурасць.

Хоць наконт Сусвету я не ўпэўнены.

А. Эйнштэйн

 

Новы пагост стаяў за некалькі соцень метраў ад мястэчка. Гэта было агароджанае моцным жалезным плотам поле, ад якога з трох бакоў цягнуўся ельнік, а з чацвёртага яго сцягвала заасфальтаваная дарога.

Магілак было ўжо шмат. Але не ў такой ступені, як на старым пагосце. Там, дзе б ты ні прыткнуўся, шчыльна абступалі цябе курганы рознай велічыні: адны ўжо аселі настолькі, што амаль параўняліся з простай зямлёй або параслі травою, недагледжаныя; іншыя быццам дыхалі сваёй свежасцю і маладосцю, нібы ганарыліся тым, што ніяк не больш чым год назад былі ў іх закапаны жывыя людзі. Увогуле пахла тут так, як і павінна пахнуць: смерцю. Гэты “водар” складаўся з наступных частак: пах нядаўна перакапанай зямлі, аздоблены духам кветак, жывых і штучных; елак, зусім яшчэ маленькіх; вялікіх таполь і, самае галоўнае, пах соцень свечак, якія стаялі на многіх магілках. Усе гэтыя нячутныя паасобку і таму нязначныя “духмянасці” складваліся ў адзін вельмі моцны пах, які нельга зблытаць ні з якім іншым. Таму пагост, здаецца б, нічым не адрозніваўся ад іншых сваіх беларускіх (ды і не толькі беларускіх) “братоў”. Але і ён меў уласныя таямніцы...

 

***

 

Той дзень гарачага лета быў нейкі асаблівы для Ларывона Няфёдава. Усё заставалася такім, якім яно і было раней: ён пайшоў на працу на дрэваапрацоўчы камбінат ў восем, меў прыпынак на абед з паловы першай да паловы другой гадзіны, які правёў дома, прыйшоў з працы дадому ў пяць гадзін вечара і лёг глядзець тэлевізар. Сям’і ён не меў, бацькі і родныя жылі ў Літве. Была, праўда, дзяўчына, да якой ён часам заходжваў ночкамі, але гэта не з’яўлялася нечым сур’ёзным ні для яго, ні для яе. А чалавек меў ужо трыццаць пяць год.

Аднак з самага ранку Ларывон пачуваў сябе далёка не добра. Нешта засела (прычым глыбока засела) яму ў грудзі, у самае сэрца, нешта такое ліпкае, як жвачка, і слізкае, як машыннае масла, гарачае, як расплаўленае жалеза, і халоднае, як вадкі азот. З аднаго боку, гэтае пачуццё прыемна казытала нервныя прыдаткі ва ўсім целе; з другога, штосьці нядобрае было ў ім. І яно, пачуццё, быццам надакучлівы камар, лётала побач і не давала спакою.

У сем гадзін вечара прыйшоў сябра-аднагодка Ларывона Славік Апанасаў, шафёр па прафесіі. У іх было такое сяброўства, якое можа быць уласціва толькі людзям гарадскім. Ды яны і прыехалі ў мястэчка з гораду, калі ім было па дваццаць чатыры гады, бо жыццё ва “ўмацаваным паселішчы”, як яны казалі, ім абрыдла. Сапраўднай жа прычыны іх прыезду не ведаў ніхто.

Дык вось, сяброўства ў іх было нямоцнае, такое, якое не патрабуе асаблівых сіл і ні да чаго не прывязвае. Жахлівае сяброўства. У любы момант яно магло абарвацца, як валасок, але ўсё ж трымалася неяк пятнаццаць год.

Славік, у адрозненне ад Ларывона, меў жонку Алену і двое дзяцей, хлопчыкаў шасці і трох гадоў. Напэўна, менавіта сям’я добра паўплывала на гэтага мужчыну, бо характар яго зрабіўся мякчэйшым.

А Няфёдаў як быў цяжкі на пад’ём, такім ён і застаўся. “Шлёндаль,” – казалі пра яго людзі. “Нерусь,” – калі-нікалі гаварыла на Ларывона яго дзяўчына Наста, гаварыла пяшчотна і не дзеля таго, каб пакрыўдзіць яго.

- На вуліцы нешта прыпарвае, пэўна, на дождж, - неяк абыякава і вяла сказаў Апанасаў, звяртаючыся да сябра. Яны сядзелі ў хаце, глядзелі нейкі расійскі серыял, а на століку, што знаходзіўся перад канапай, стаялі на чвэрць пустая бутэлька “беленькай” і сякая-такая закусь з халадзільніка халасцяка Ларывона. Мужчыны выпівалі.

- Але, навальніцу перадавалі, - не менш абыякава і вяла адказаў Няфёдаў. – Ну, яно і добра. Хоць пыл прыб’е. А то ажно дыхаць няма чым. Выйдзеш – сонца пячэ не на жывую. Хоць ты ў пясок хавайся.

- А памятаеш, - раптам успомніў Славік, - калі нам па дваццаць два было, ты з Колькам Міхнёнкам паспрачаўся наконт таго, што ён ні за што ў свеце не пойдзе ноччу на пагост, які за горадам дзесьці знаходзіўся?

- Няўжо ж не памятаю, - узрушыўся халасцяк. – Ты ж ведаеш, памяць у мяне добрая, не прапіў яшчэ. Я нават вершыкі з першага класа памятаю, а не тое што... А да чаго ты гэта спытаў? – не зразумеў ён.

- Тады проста таксама навальніца была, моцная, і так парыла перад ёй, як і цяпер, - растлумачыў сябра. – Вось нешта і ўспомнілася мне.

- А Колька струхнуў, не пайшоў, - з нядобрай усмешкай сказаў Ларывон. – Хіляк!

- Ай, Ларка, ну, што ты зноў за сваё, - запратэставаў             Славік. – Нічога ён не струхнуў. Проста нармальны чалавек у такое надвор’е нікуды не пойдзе, тым больш на пагост. Мала што здарыцца можа.

- Ведаеш, здарыцца можа і так, што нармальнага чалавека машына днём саб’е, а побач будзе шмат народу, і ніхто нічога зрабіць ужо не зможа, - разгарачыўся Няфёдаў. – Ось як, разумееш?

Славік нічога не адказаў, проста моўчкі наліў гарэлкі ў дзве чаркі, тым самым запрашаючы мужчыну супакоіцца.

Яны выпілі залпам “вогненнай вады”, што была ў чарках. Ларывон уздыхнуў і, нядобра ззяючы вачыма, спытаў у Апанасава:

- А ты б пайшоў зараз на стары пагост?

Той аж папярхнуўся агурком, якім закусваў.

- Што я, дурны табе, ці што? – не было межаў яго ўзрушэнню, таму ён нават устаў з канапы. – Ты, Ларка, гэтыя размовы кінь мне. Вялікі правакатар! Цьфу! – ён кінуў ні ў чым не павінны агурок на стол. – Тваё выхадкі мне ўжо ў пячонках сядзяць. Кінь, кажу, дурное!

- Па-першае, пячонкаа ў чалавека адна, а ты кажаш: “У пячонках сядзіць”...

- Разумны моцна, так? – перапыніў сябра Славік.

- Ну, не дурнейшы за цябе, - прыжмурыўся халасцяк. – А па-другое, - працягваў ён, - размову весці ты пачаў.

- Калі табе так трэба, - давячыся ўсё тым жа агурком, казаў Славік, - то сам ідзі на гэты могільнік, а людзей не падбівай на глупства ўсялякае.

- Трус! – абазваў яго Ларывон.

- Сам не лепшы, - адгукнуўся Апанасаў.

- Лепшы! – з годнасцю сказаў Няфёдаў. – Лепшы за цябе.

- Ага, ну-ну, вось і пацяшайся гэтым, - прабурчэў Славік.

- Аб заклад б’юся, што сягоння ноччу, нягледзячы на надвор’е, апоўначы буду на старым пагосце, - працягнуў правую руку сябру Ларывон. – А каб даказаць, што я там сапраўды быў, уваб’ю ля магілкі... – ён на момант задумаўся, потым цвёрда заявіў: - Ля магілкі Гаўрылы Давыдзіка уваб’ю ў зямлю кол. Дамовіліся?

Апанасаў не спяшаўся ціснуць руку Няфёдава.

- Якія ўмовы? – проста спытаў шафёр.

- Калі я зраблю ўсё, як трэба, - ахвотна патлумачыў халасцяк, - з цябе бутэлька тога каньяку, што ў цябе ў шафе на самым відным месцы стаіць. А калі не – я табе скрыню такога ж каньяку куплю.

- Неяк нераўнапраўна выходзіць.

- А я ведаю, што перамагу, - ганарліва адказаў Ларывон. – Дык дамовіліся?

- Дамовіліся, - урэшце паціснуў руку сябру Славік, на што той гучна рассмяяўся. – Давай яшчэ вып’ем, - прапанаваў мужчына, але тут у яго кішэні зазвінеў мабільнік. – Слухаю, - сказаў ён, прыклаўшы апарат да вуха, - так... Ну... Зараз?.. А нельга яшчэ крыху?.. Добра, іду...

- Што, гаспадарка кліча? – іранічна ўсміхаючыся, спытаў Няфёдаў.

- Але, дапамагчы трэба дома.

- Ідзі, ідзі, жанацік...

- Няўжо ж да магілкі Давыдзіка пойдзеш, а? – перапыніў халасцяка жанацік.

- Ну, сказаў жа, пайду, - панура прабурчэў Ларывон.

- Ну-ну, - усё яшчэ не верачы, паківаў галавой яго сябра. І пайшоў дадому.

 

***

 

Навальніца сапраўды пачалася. Дзесьці ў дзесяць гадзін. І была яна вельмі моцная.

Няфёдаў, моцна выпіўшы, надзеў плашч-дажджавік і, узяўшы драўляны кол, які ён перад гэтым выцясаў, пайшоў на стары пагост, да магілкі Гаўрылы Давыдзіка.

Трэба сказаць, што тое месца, дзе быў пахаваны Давыдзік, лічылася праклятым. Да яго нават удзень людзі баяліся падыходзіць.

Існавала такая легенда, быццам Давыдзік, цяпер ужо, канешне, далёка не жывы, хапаў нагу ўсіх тых, хто адважыўся патрывожыць яго “вечны адпачынак”, і цягнуў іх да сябе, на той свет. У мястэчку мелася некалькі чалавек, якія, па іх жа словах, амаль што не аказаліся “ў смярдзючых лапах Гаўрылы”.

А што датычыцца самога нябожчыка, то той (яшчэ пры жыцці, безумоўна) працаваў фрэзероўшчыкам, і, калі Давыдзіку было сорак пяць год, яму станком адрэзала руку, у выніку чаго ён прыняў смерць. Калі быць вельмі дакладнай, памёр Гаўрыла ад сардэчнага прыступу, бо згубіць руку, самі разумееце не надта прыемна. Вось слабае, напэўна, сэрца і не вытрымала.

Людзям здавалася ўжо колькі год, што гэта сапраўды Давыдзік хапае сваёй адрэзанай рукой кожнага, хто парушае яго пакой. І хоць Няфёдыў не верыў у забабоны, аднак жа чамусьці менавіта зараз, калі ён ішоў на стары пагост, гэтая легенда пра, як яе ўсе называлі, “Гаўрылку – злое рылка” (пры чым тут злое рылка – нават я не ведаю) лезла ў галаву.

Ларывон свабодна прайшоў цераз вароты, ступіўшы на “зямлю памерлых”. Як гэта ні парадаксальна гучыць, але побач не было ні адной жывенькай душанькі. Мужчына нешта сабе падумаў і ўжо праз хвіліну, стараючыся ісці ўпэўнена, нібы для таго, каб нехта ўбачыў, што ён ніколькі не баіцца, аказаўся за пяць метраў ад магілкі былога фрэзероўшчыка. І ўжо зусім інакш, павольна, Няфёдаў, робячы як мага меншыя крокі, прахлюпаў па мокраму пясочку да жалезнага крыжа, што высіўся над курганом.

Халасцяк выцягнуў з глыбокай кішэні плашча кол і малаток, пачаў убіваць гэты кол у зямлю, што было нескладана, бо яна вельмі размякла ад дажджу. Зрабіў сваю працу Ларывон добра: дзеравяшка даўжынёй трыццаць сантыметраў аказалася больш як напалову ўбітай у пясок.

І тут раптоўна Няфёдаву стала так жудасна, такі жах узнік у яго душы, што ён, не думаючы больш ні пра што, прабачце, намагаючыся ні пра што не думаць, ускочыў на ногі і хацеў ужо бегчы ад гэтага месца як надалей, але адчуў, што за самы ніз плашча яго нешта трымае. Ці нехта трымае.

Ярка бліснула маланка.

Спярша мужчына вырываўся, аднак, як толькі яму ў галаву прыйшла страшная думка аб тым, што гэта Гаўрыла – злое рыла яго цягне да сябе, Ларывон быццам страціў усе сілы, якія меў, і зваліўся побач з магілай, знепрытомлены.

Цяпер ударыў гром.

 

***

 

Раніцай, нават бліжэй да абеду, Славік Апанасаў разам з яшчэ трыма мужчынамі ішоў па мокрай ад начнога дажджу траве, накіраваўшыся да старога пагосту. Не без трывогі падыходзіў жанацік да магілкі Гаўрылы Давыдзіка. І яго трывога спраўдзілася: Ларывон, не па-жывому бледны, ляжаў ля крыжа, яго жахлівыя вочы былі накіраваны на блакітнае неба, а крысо плашча аказалася моцна прыбіта драўляным колам да зямлі.

Яшчэ на нешта спадзеючыся, Славік дакрануўся да соннай артэрыі сябра, але дзіва не адбылося: Няфёдава назаўсёды зацягнула на той свет яго ж дурасць.

 

Сейчас на сайте

Сейчас на сайте 0 пользователей и 1 гость.

Статистика

ПоказательЗначение
Пользователей967
…заблокированных37
Публикаций1563
…опубликованных1530
Комментариев429
…опубликованных429
Переходов внешних128
…внутренних3
Запросов RSS65
Просмотров за 24 часа3168
…за 1 час144
Premium Drupal Themes by Adaptivethemes